ПРОЦІПУХЛІ́ННЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя сродкі для лячэння злаякасных новаўтварэнняў. Знішчаюць (цытатаксічны эфект) або прыгнечваюць дзяленне і паскораны рост (цытастатычны эфект) пухлінных клетак. Групы П.с.: алкіліруючыя злучэнні (напр., хлорбутын, цыклафасфамід), антыметабаліты (напр., метатрэксат, меркаптапурын), алкалоіды (напр., вінбластын, калхіцын), антыбіётыкі (напр., дыктынаміцын, мітаміцын), ферменты (аспарагіназа), гарманальныя прэпараты і іх антаганісты (напр., сінэстрол, фосфэстрол), цытакіны (інтэрфероны, фактар некрозу пухлін), фітапрэпараты, радыеактыўныя рэчывы. Выкарыстанне П.с. заснавана на імуналагічных і біяхім. адрозненнях здаровых клетак і пухлінных тканак. Для П.с. характэрна выбіральнасць проціпухліннага дзеяння (кожны прэпарат ужываюць пры пэўным відзе пухлін). Адмоўная якасць П.с.: разам з пухліннымі клеткамі пашкоджваюцца здаровыя, асабліва тыя якія хутка размнажаюцца (касцявога мозга, лімфоіднай тканкі, страўнікава-кішачнага тракту, палавых залоз, скуры). Большасць П.с. таксічныя, выклікаюць пабочныя эфекты: зніжэнне колькасці ў крыві лейкацытаў, трамбацытаў, эрытрацытаў, страту апетыту, выпадзенне валасоў і інш. Лячэнне П.с. праводзяць курсамі з перапынкамі, таксама ў камбінацыі з хірург. выдаленнем пухлін, прамянёвай тэрапіяй.
Літ.:
Гарин А.М., Хлебнов А.В., Табагари Д.З. Справочник по противоопухолевой лекарственной терапии. М., 1993;
Машковский М.Д. Лекарственные средства. Т. 1—2. 13 изд. Харьков, 1998.
М.К.Кеўра.
т. 13, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)